Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Мінск хоча аднаўлення авіязносін з Ашгабадам

08.10.2026 16:25
Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, гэта «асабліва актуальна ва ўмовах інтэнсіфікацыі бізнес-кантактаў і павелічэння колькасці туркменскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ».
Ілюстрацыйнае фотаImage by Kaufdex from Pixabay/CC0

Прамыя авіязносіны паміж Мінскам і Ашгабадам спыніліся ўвесну 2020 года ў сувязі з абмежаваннямі, уведзенымі праз пандэмію COVID-19.

Пытанне аднаўлення авіязносін паміж Мінскам і Ашгабадам абмеркаваў з намеснікам прэм’ер-міністра Туркменістану Батырам Аннаевым 8 кастрычніка ў туркменскай сталіцы міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

Адзначаецца, што бакі таксама «абмеркавалі магчымасці выкарыстання беларускім бокам транспартна-лагістычных калідораў Поўнач — Поўдзень і Захад — Усход, якія праходзяць праз тэрыторыю Туркменістану, а таксама партовай інфраструктуры для выбудоўвання ў Каспійскім рэгіёне ланцужкоў дастаўкі айчынных тавараў».

Туркменскі бок, як заяўлена, выказаў зацікаўленасць у «далейшым развіцці супрацы ў галіне адукацыі ў частцы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў па запатрабаваных у краіне спецыяльнасцях».

8 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Туркменістан на саміт Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Яго прэс-служба анансавала сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у рамках гэтага мерапрыемства.

Крыніца: Позірк. Навіны пра Беларусь/юл